ВІ́ЛЕНСКАЕ МЕДЫЦЫ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА,
навуковая грамадская арг-цыя ў 1805—1939. Засн. 12.12.1805 пры Віленскім універсітэце па ініцыятыве прафесараў мед. ф-та. Аб’ядноўвала выкладчыкаў ун-та (пасля яго закрыцця ў 1832 — Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі) і медыкаў-практыкаў Вільні і інш. гарадоў Беларусі і Літвы. Т-ва заснавалі і ўзначалілі прафесары А.Снядэцкі (прэзідэнт), Я.Лобенвейн (віцэ-прэзідэнт), І.Франк (сакратар). Мела на мэце вывучэнне праблем медыцыны, хірургіі, фармакалогіі, даследаванне мясц. мінер, крыніц, барацьбу з заразнымі хваробамі. Як цэнтр навук. мед. думкі Беларусі і Літвы спрыяла разгортванню ў краі даследаванняў у розных галінах медыцыны і прыродазнаўства. Па яго ініцыятыве ў Вільні засн. Ін-т вакцынацыі (1808), Ін-т мацярынства (1809), бактэрыяхім. лабараторыя (1887), Пастэраўская станцыя (1897); у 1807—10, 1860—64 дзейнічала бясплатная амбулаторыя для бедных. Працы т-ва друкаваліся ў навук. зб-ках «Веснік Віленскага медыцынскага таварыства» (т. 1—2, 1818—21), «Дзённік медыцыны, хірургіі і фармацыі» (т. 1—2, 1822—24), «Віленскі фармацэўтычны веснік» (1920, усе на польск. мове), рус. мед. газ. «Друг здравия» (С.-Пецярбург); выдавала час. «Pamięnik Wileńskiego towarzystwa lekarskiego» («Веснік Віленскага медыцынскага таварыства», 1925—39).
А.П.Малчанаў.
т. 4, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)